Digital-агенцтвы. Ці варта да іх звяртацца?

Што такое "Лічбавыя агенцтвы", што яны заяўляюць і колькі можна зэканоміць, калі звярнуцца наўпрост да выканаўцаў

Каб пачаць размову пра перавагі і недахопы працы Digital-агенцтваў, распавядзем крышачку пра тое, што гэта ўвогуле за з’ява такая. Digital-агенцтва — гэта маркетынгавая арганізацыя, якая выпрацоўвае стратэгіі вываду брэндаў на рынак сродкамі інфармацыйных тэхналогій. Або адно прэзентуе сябе гэткім чынам — бо рэчаіснасць даволі далёкая ад самааб’яваў.

Чым займаюцца такія арганізацыі насамрэч?

Уявім стандартную сітуацыю: ТАА “Выдатнае піва” пастанаўляе прасунуць на рынку свой новы прадукт “Медавуха шляхетная”. Як гэта зрабіць, арганізацыя не ведае, бо кіраўніцтва кампаніі з сучасным маркетынгам дагэтуль не пазнаёмілася і, варта зацяміць, само гэта разумее. Знячэўку да “Выдатнага піва” звяртаецца менеджар кампаніі “FREEclock”, прэзентант новае формы бізнэсу —  Digital-агенцтва.
“Выдатнаму піву” абяцаюць распрацаваць стратэгію і рэкламную кампанію, аформіць безліч білбордаў і этыкетак, а таксама зрабіць мабільны дадатак і сайт. Усё, вядома, дзеля павелічэння попыту. Натуральна, дырэктар “ВП” натхняецца гэткімі выгаднымі ўмовамі і пагаджаецца — за невялікія 30–50 тысяч даляраў, расцягнутых на год. Дый якая розніца, мяркуе дырэктар “Выдатнага піва”, калі дамова складзеная на ўвесь перыяд прасоўвання брэнду — 2–3 гады.

А “FREEclock” распачынае сваю дзейнасць з пошуку выканаўцаў, то бок іншых дызайнерскіх, праграмісцкіх, капірайтарскіх студый. І гэтыя выканаўцы, звычайна не маючы вядомага імя, працуюць за маленькія грошы. Прывядзем прыклад са сваёй практыкі: выконваючы падобны праект, мы атрымалі 2,5 тысячы даляраў як выканаўцы; агенцтва, што фігуравала між замоўцам і намі, — 12 тысячаў. Ці варта казаць, што ўсю працу зрабіла арт-студыя “PRAS”, да таго ж змагаючыся са шкоднымі суправаджальнымі каментарамі пасярэднікаў?

У выніку замоўца мае:

1) перавышэнне кошту замовы больш, чым у 5 разоў;
2) горшую якасць дызайну праз два этапы карэктавання (з улікам заўваг пасярэдніка і непасрэднага замоўцы);
3) новага выканаўцу для кожнага новага праекта (!), хоць справу шторазу нібыта робіць Digital-агенцтва, — і, адпаведна, адсутнасць агульнага стылю праектаў для адной кампаніі.

Што яшчэ робіць Digital-агенцтва? Усё, што заўгодна: вядзе старонкі ў сацыяльных сетках (якія запаўняе пераважна заезджанымі цытатамі ды пустымі малюнкамі); прыдумляе безгустоўныя і неадэкватныя сервісы (якія выклікаюць адно нелюбоў карыстальнікаў да брэнду); падае замоўцам псеўдастатыстычныя звесткі (бо недасведчаных у сферы IT людзей лёгка збіць з тропу).
Іншымі словамі, мы раім не звяртацца да Digital-агенцтваў, а працаваць наўпрост з прафесіяналамі: дызайн-студыямі, праграмісцкімі кампаніямі, фрылансерамі-адмыслоўцамі. Калі ж такое агенцтва ўжо працуе з вамі, то падрыхтуйцеся да асэнсавання бязмэтавае страты альтэрнатыўнага прыбытку.

 
Віды сайтаў. Частка II

Спецыфічныя віды сайтаў — ад інтэрнэт-крамы і да сацыяльнай сеткі, паводле класіфікацыі арт-студыі PRAS. Які сайт пасуе вашаму бізнэсу?

Прасоўванне сайта

Навошта трэба займацца SEO-прасоўваннем сайта, якія выкарыстоўваюцца метады і з якімі фірмамі варта працаваць на гэтай глебе?

З чаго складаецца кошт сайта?

Галоўнае пытанне падчас распрацоўкі сайта — бюджэт. У такой далікатнай тэме ёсць шмат нюансаў, якія трэба ўлічваць, замаўляючы гатовы прадукт.