Дадатак для смартфонаў VS Мабільная версія сайта

Што такое мабільны дадатак? Ствараць яго, мабільны сайт або ўвогуле рабіць адаптыўны дызайн?

PRAS.BY

Дадаткі для мабільных тэлефонаў, зробленых перадусім на платформах Android, iOS, Windows Mobile, стала ўваходзяць ва ўжыванне. Тым часам некаторыя ўладальнікі сайтаў шчыра не разумеюць сэнсу мабільных дадаткаў (“нам дастаткова мабільнай версіі сайта”). У чым жа перавага аднаго над другім?

Найперш акрэслім, што такое дадаткі для мабільных прыладаў.

Сучасныя смартфоны фактычна зрабілі кнопкавыя тэлефоны рэтра-прыладамі, атрымаўшы толькі ў 2012 годзе 52% усіх паставак (заўважым, што смартфоны карыстальнікі мяняюць раз на 1–2 гады, а кнопкавыя — раз на 4–5 гадоў; адпаведна рэальная колькасць набытых смартфонаў яшчэ большая). У сваю чаргу сярод смартфонаў, паводле звестак на 2011 год, вядуць рэй 5 платформаў: Android (36%), Symbian (27%),  iOS (17%), Blackberry (12%), Windows Mobile (4%). Nokia, распрацоўнік Symbian, афіцыйна пацвердзіла сыходжанне ў нябыт гэтай аперацыйнай сістэмы; а Blackberry даволі складаная ў параўнанні з іншымі сістэмамі. Менавіта таму адмыслоўцы звычайна працуюць з Android, iOS і Windows Mobile.

Варта сказаць, што iOS найбольш распаўсюджаная ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе, Android — ва Усходняй Еўропе і Азіі. Для большага роўню эфектыўнасці распрацоўкі замоўца мае вызначыць, што для яго важнейшае — колькасць прыладаў, якія ўсталююць праграму, або велічыня прыбытку ад набыцця. Безумоўна, хоць прыладаў з iOS нашмат менш за Android, выніковы эканамічны эфект мабільныя дадаткі для гэтай сістэмы даюць большы. Разам з тым і якасць прадуктаў мусіць быць вышэйшай, а значыць, павялічыцца і кошт распрацоўкі.

Але чым дадатак для смартфонаў лепшы за мабільны сайт?

Змадэлюем сітуацыю: вы валодаеце сайтам bestsiteever.com, які спецыялізуецца на продажы вентылятараў. Патэнцыйны пакупнік дамовіўся з вамі наконт набыцця прадукцыі, але, едучы да вас, забыўся на адрас (тэлефон, кошт). Што ён робіць, калі ведае адрас вашага сайта? Уваходзіць у браўзер і набірае bestsiteeve.com… Браўзер пакутліва думае колькі хвілінаў – і з тугою канстатуе: “Адрас не знойдзены”. Карыстальнік спраўджвае адрас, марнуе час, сутаргава спрабуе ўзгадаць назоў кампаніі або хаця б назоў вентылятара, робіць яшчэ шэраг памылак, пакуль браўзер з апошняе моцы спрабуе загрузіць старонку. Працэс нервуе кліента – гэта, мякка кажучы, не зручна.

Расставім акцэнты крыху па-іншаму: вы валодаеце інфармацыйным парталам або сайтам, які пастаянна дае свежую інфармацыю з элементамі інтэрактыву. Карыстальнік мае ваш сайт у закладках, таму лёгка яго загружае, але нетрывалае інтэрнэт-злучэнне праз 3G або Wi-Fi руйнуе ўсе надзеі на хуткую загрузку кантэнту. Акрамя таго, кліент бачыць дрэнна структураваную інфармацыю, навігацыю можна ажыццяўляць толькі скролам, кантэнт не аптымізаваны – і трафік няўхільна сыходзіць.

А цяпер уявіце: мабільны дадатак у вашага сайта ўсё ж ёсць. Тады кліент мусіць адзін раз у жыцці мабільнай прылады загрузіць спецыялізаваны дадатак з інтэрнэт-крамы (Play.Google, AppStore, WindowsMarket); далей, зрабіўшы адзін клік, загрузіць ужо дадатак вашага сайт – і вуаля! – інфармацыя аптымізаваная, структураванне яе выразнае, трафік і час зэканомленыя.

Вядома, мы маем на ўвазе не сайты-візітоўкі, а сярэднія і вялікія інтэрнэт-праекты з элементамі інтэрактыву – з нашага гледзішча, яны мусяць мець мабільны дадатак. Яшчэ адзін плюс тут – рэклама. Калі вы, напрыклад, плануеце прома-акцыю або абнавілі важнымі звестамі кантэнт на сайце, найлепшы спосаб атрымаць ад гэтага прыбытак – паведаміць пра навіну карыстальнікам праз POP-паведамленні. Прылада “дашле” іх кліенту аўтаматычна – і ён пабачыць вашыя навіны, нават калі даўно не карыстаўся дадаткам.

Удалы маркетынгавы крок – стварэнне рэкламных гульняў для мабільных прыладаў з элементамі спаборніцтва між гульцамі (і, вядома ж, узнагароджванне самых актыўных з іх). Эфект віруснае рэкламы гарантавана спрацуе – на 100%.

Мабільны сайт, у сваю чаргу, павінен быць адмыслова завярстаным – з выкарыстаннем адаптыўнай вёрсткі,  а гэта, натуральна, павялічвае кошт распрацоўкі сайта. Але безумоўны плюс мабільнага сайта — крос-платформенасць: у адрозненне ад дадатку, які трэба дапасоўваць да платформы, сайт будзе даступны амаль у кожным сучасным браўзеры. У гэтым адначасова палягае і мінус: мабільны сайт амаль немагчыма стварыць прыгожым, бо робіцца ён звычайна ў шаблонным стылі.

Падвядзем рысу:

1) калі вы маеце інфармацыйны рэсурс альбо папулярны сайт, які прадугледжвае інтэрактыў, – стварайце мабільны дадатак;

2) калі ў вас абмежаваны бюджэт і сайт-візітоўка, патрэбы ў мабільным дадатку няма;

3) прома-акцыі вымагаюць наяўнасці мабільных дадаткаў для кожнай новай платформы – гэта шматкроць
 павялічвае лаяльнасць у карыстальнікаў ды падвышае пазнавальнасць брэнду;

4) калі прыярытэтны кірунак маркетынгу – невялікая колькасць інфармацыі на сайце пры найбольшым распаўсюдзе,
 мабільныя дадаткі патрэбныя як паветра.

 
Нашто патрэбны фірмовы стыль (айдэнтыка)?

Калі ў кампаніі ёсць лагатып, то ці патрэбная ёй айдэнтыка?

З чаго складаецца кошт сайта?

Галоўнае пытанне падчас распрацоўкі сайта — бюджэт. У такой далікатнай тэме ёсць шмат нюансаў, якія трэба ўлічваць, замаўляючы гатовы прадукт.

Тэхнічная падтрымка праекта

Вы зрабілі новы праект і распрацоўнік прапануе вам ажыццяўляць падтрымку гэтага праекта. Навошта падтрымка патрэбная і ці мае яна сэнс для вашай фірмы?