Эпічная настольная гульня "1514"
Забаўка, рапрацаваная арт-студыяй "PRAS" да 500-годдзя бітвы пад Оршай напачатку верасня пачне рэалізоўвацца ў крамах Беларусі

Як вядома, 8 верасня 1514 года адбылася адна з найбольш важных вайсковых перамогаў беларускага войска: літвіны разграмілі войскі маскоўцаў на рэчцы Крапіўна, што пад Оршай. У гэтым годзе славутай перамозе нашых продкаў спаўняецца 500 год... Тым часам, мы вырашылі зрабіць свой ўнёсак: распрацавалі настольную гульню, якая так і называецца "1514", без намёкаў і накідаў - проста адзначыць знакавую для ўсіх сучасных беларусаў падзею. Бо, як кажуць, хто не ведае сваёй гісторыі - у таго няма будучыні!

Набор "1514" змяшчае:
▪ Гульнявое поле
▪ Трыццаць чырвоных картак з загадамі
▪ Трыццаць чорных картак з дзеяннямі
▪ Тры фігуркі маскоўскіх войскаў
▪ Тры фігуркі літвінскіх войскаў
▪ Кубік
▪ Правілы
▪ Пах пораху і жаданне перамогі
Кожны элемент дызайну зроблены паводле гістарычных дакументаў: на гульнявым полі змешчаны старажытны аршанскі замак, тагачасныя селішчы, млыны і вайсковыя лагеры, а ў вокладцы і картках - чарцяжы вайсковага ўзбраення сярэднявечча.
Механіка гульні "1514" наступная: гульцы дзеляцца па камандах у цотнай колькасці (могуць гуляць 2, 4 або 6 гульцоў) і вызначаюць, хто будзе літвінам, а хто маскоўцам. Далей гульцы атрымліваюць кожны па адной з 3-х фігур: пяхота, артылерыя, кавалерыя - ды кідаюць па чарзе кубік з лічбамі працягласці хода. Калі фігурка спынілася на чырвоным крузе, гулец атрымлівае чырвоную картку, калі на чорным - чорную, і выконвае адпаведную задачу, пазначаную ў картцы. У выпадку, калі фігурка спынілася на крузе, дзе ўжо стаіць фігурка суперніка, адбываецца "бой" і фігурка суперніка, як абаронца, адыходзіць на адзін крок назад (бліжэй да свайго лагеру).
Гульня прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні ~45 хвілін, колькасць гульцоў - 2, 4 альбо 6
Задачы, якія прапануецца выканаць, маюць гістарычны падтэкст: што карткі з загадамі, што карткі з дзеяннямі - змяшчаюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на рэальных забабонах, падзеях і асаблівасцях вайсковай справы сярэднявечча Усходняй Еўропы, але ўсё без указання асобаў і месцаў з мэйтай зрабіць гульню больш універсальнай.

Рэалізацыя гульні пачнецца напачатку верасня, а прэзентацыя пройдзе 8 верасня 2014 года ў кнігарні "Логвінаў". На дадзены момант, вы можаце рабіць перадзамовы, каб набыць гульню са зніжкай, дакладная інфармацыя пра гульню неўзабаве будзе даступная на адмысловым сайце гульні "1514", а таксама на сайтах арт-сядзіба, prastora.by ды symbal.by.
Перадзамову таксама можна зрабіць праз e-mail: daprasu@gmail.com
