Эпічная прэзентацыя эпічнай гульні

Адроджаныя часы рыцарства, пераможныя воклічы да паўночы і непаўторная атмасфера сяброўства на прэзентацыі настолкі "1514" ад PRAS.by

Праект студыі, прымеркаваны да пяцісотгоддзя перамогі бітвы пад Оршай, выклікаў сапраўдны аншлаг сярод мінскіх аматараў гісторыі, якія прыйшлі на прэзентацыю эпічнай настольнай гульні ў кнігарню «ЛогвінаЎ». Імпрэзу распачаў відэаролік, ствараны адмыслова для дэманстрацыі настолкі, працэсу гульні і перадавання баявога духу забаўкі.

Далей прэзентавалі саму гульню, яе склад і, галоўнае, правілы, якія складаюцца з дзвюх частак. "Асноўныя" правілы прызначаныя для гульні бацькоў з дзецьмі ад 6 год, а таксама для тых, хто не хоча напружвацца, паводле "альтэрнатыўных" правілаў гульцы могуць самі выконваць манеўры, адступленні, выклікаць суперніка на бой і кшталтаваць сваю тактыку. Паводле ўсіх відаў правілаў удзельнічаюць ад 2 да 6 гульцоў і каманды мусяць выконваць загады з чорных альбо чырвоных картак.

Пасля сціслага расповеду госці прэзентацыі пабачылі сайт — www.1514.by, створаны pras'аўцамі ў якасці пляцоўкі, дзе можна агулам пазнаёміцца з праектам "1514", а таксама прачытаць правілы, спампаваць іх і, зацікавіўшыся настолкаю, даведацца пра месцы яе продажу.

Мікалай Тамашэвіч на прэзентацыі
Мікалай Тамашэвіч распавядае пра склад гульні "1514"

Працяг імпрэзы адбыўся на двары: рыцары паказвалі "двубой", ахвотна фатаграфаваліся з дзяўчатамі і запрашалі ўсіх зацікаўленых пагуляць проста на месцы, дзе ўжо чакалі сталы з распакаванымі гульнямі. У выніку апошняя бітва скончылася каля паўночы, пакінуўшы ў паветры пах пораху і добрага настрою.

PRAS.by
Рыцары дэманструюць двубой для гасцей прэзентацыі
PRAS.by
Падчас "дэгустацыі" гульні

Больш здымкаў і падрабязнасцяў — у рэпартажах і інтэрв'ю ад кампаніі "Будзьма!", партала TUT.by, "Радыё Свабоды", Крыніца.info, "Беларускага партызана", інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН", тэлеканала "Белсат", "Еўрарадыё", партала Marketing.by, гарадзенскага парталу "Твой стыль", а таксама сайта kli4nik.info.

Падрабязней пра гульню — на сайце 1514.by