Euroradio: "Рэч як у Сапегаў або Радзівілаў!"
Самы папулярны праект вяшчання на Беларусь з-за мяжы ў захапленні ад мыльніцы "Pinskaje baroka"

У простым прыстасаванні дызайнеры спалучылі гістарычныя сімвалы і бытавую патрэбу.
Мыльніцу пад назваю “Пінскае барока” распрацавала дызайн-студыя PRAS. Прыстасаванне зробленае з гліны і глазуры.
“Мне здаецца, такой мыльніцай мог бы карыстацца хто-небудзь з Сапегаў або Радзівілаў, прынамсі ў 19-м стагоддзі, — распавядае дызайнер Аляксей Кульбіцкі. — Канцэпт мыльніцы наступны. На Піншчыне цяпер самы вялікі ў Беларусі ансамбль барока. Мыльніца зробленая паводле формаў вось гэтых архітэктурных помнікаў. Таксама Палессе — край вады. Сама сутнасць мыльніцы звязаная з гэтым, з вадою. Такім чынам, гэта рэч з беларускім характарам. Мыльніца абсалютна прыдатная да карыстання”.
Запусціць “Пінскае барока” ў продаж студыя збіраецца напрыканцы тыдня ў галерэі "Ў", што недалёка ад плошчы Перамогі ў Мінску.