Крылы Роспачы

12 снежня 2014 гурты Re1ikt ды Hurma атрымалі свежанькія ўзнагароды ад Тузіна Гітоў, тым часам статуэтка прайшла доўгі шлях роспачы праз айчынных выканаўцаў

PRAS.by Тузін гітоў узнагарода
Выніковая ўзнагарода для гурта Re1ikt

Не спяшайцеся ганьбіць беларускі дызайн! Ён не такі благі насамрэч. Але ад макета да выніковага прадукта - цэлая вечнасць...
  Узяліся распрацоўваць статуэтку-ўзнагароду для музычнай прэміі Тузін.fm. Неабходна было стварыць дзве ўзнагароды - "Героі году" і "Дэбют". Мы вырашылі распрацаваць макецік, які б вылучаўся сучаснасцю і грунтоўнасцю - скатвацца ў парцаляну жадання не было. Моц і лёгкасць адначасова +паказаць адрозненні ва ўзнагародах не памерам, а колерам.

Такім чынам, матэрыяламі былі абраныя жалеза
і шкло (чырвонае пераможцам і празрыстае - "дэбютантам")
PRAS.by Тузін гітоў узнагарода
Пачатковы макет узнагароды з жалеза і шкла

Макет макетам, але ў жыццё ён не пераўвасобіўся, бо цягам 5 дзён не атрымалася знайсці ніводнага выканаўцу, хто б здолеў альбо перагнуць адпаведным чынам кавалак жалеза, альбо стварыць тое самае са шкла. Спачатку не верылася, як такое магчыма - проста парэзаць на кавалкі і зварыць няўжо таксама немагчыма? Аказалася, што так - прынамсі, для беларускіх майстроў. Нічога не зробіш, стварылі другі макет, які нагадваў крылы: адначасова моц і непахіснасць жалеза ды лёгкасць гравіроўкі і гнуткасць.

PRAS.by Тузін гітоў узнагарода
Другі макет "Герояў Тузіна" - зроблены з жалеза. Метафара крылаў 
PRAS.by Тузін гітоў узнагарода
Макет другой статуэткі для выканаўцаў. Злева гравіроўшчыкам трэба было зрабіць фактуру крылаў

Даслаўшы для аналізу чарговы макет выканаўцам, сутыкнуліся з праблемай-спадчынніцай савецкага часу: мы маем шмат заводаў, але не маем фабрык! Амаль ніхто не хоча брацца за невялікія аб'ёму...
  Ну добра, знайшлі выканаўцаў ўсё ж. Рэзку метала - за мінскім ТЭЦ-4, гравіроўку - у цэнтры сталіцы, гнутку - на ўскрайку горада. Усе паабяцалі зрабіць усё у хуткія тэрміны, хоць і па досыць высокіх коштах, маўляў, метал 2 мм. Пасля таго, як мы ўсё ж забралі парэзаны на кавалкі метал, лічы, не ў Мінску, давялося сутыкнуцца з адчуваннем, што мы і выканаўцы ў розных вымярэннях. У той час, як людзі на Марсе (!) малююць творы мастацтва, нашыя выканаўцы не могуць перагнуць па радыюсу 2 кавалкі жалеза, а найбольш здатныя спецыялісты выпальваюць лазерам на трох статуэтках адзін і той жа надпіс: "Дэбют году - Hurma" O_o.

"Чаму так зрабіў?" - "А вы мне не гаварылі!" - адказ homo sapiens,
які бачачы 3 макеты, друкуе на 3 статуэтках аднолькавы надпіс

Як бы тое не было, давялося літаральна ў апошнія хвіліны рэзаць акрыл, залепліваючы яго сумяссю клеяў і захіляючы рукамі жалезныя "вусы", а падчас прэзентацыі трымацца за сэрца, каб акрыл не адваліўся. Вось і адказ, чаму статуэтка для Hurma з лазернай гравіроўкай, а для рэлікта з "месяцам" і ручной...
  Тым не менш, на фотках выглядае звыш-выдатна, хоць і не так, як хацелася б. Таму не спяшайцеся ганьбіць беларускі дызайн! 

PRAS.by Тузін гітоў узнагарода
Re1ikt з узнагародай Тузіна Гітоў ад арт-студыі PRAS

Фотаздымкі ўласныя ды з budzma і ultramusic.