Новы офіс арт-студыі PRAS
Невялічкая фотаэкскурcія па месцах баявой славы PRAS'аўнікоў
У кастрычніку 2013 года мы нарэшце знайшлі сабе месца для новага офісу. Такое, каб адпачывала душа і добра працавала галава. Паваенная забудова між сцішаных прысадаў, дзіцячая музычная школа з першымі крокамі ў фартэпіянным майстэрстве, гарадскі выцвярэзнік і тоўстыя дрэвы - усё гэта наш новы шыкоўны экстэр'ер. Над інтэр'ерам давялося папрацаваць самім. У нашым новым офісе няма акварыюму і фотаздымкаў пад шклом, затое багата старажытных прасоў і прасікаў (самаму старому з іх, прапісанаму раней ў Чэхіі, 170 гадоў (!)), шмат прыкладаў нашых прац у галіне прамысловага дызайну і многа ўтульных элементаў дэкору. Калі ласка - заходзьце.

Адразу па ўваходзе вас сустрэне стул з неіснуючай краіны - Чэхаславакіі, выраблены ў далёкім 1963 годзе і ўратаваны ад вогнішча ў недалёкім 2010, ён, дзякуючы намаганням нашых дызайнераў, выглядае як прыхарошаная кабетка і яму не дасі і пяці гадоў. Тут жа, распранаючыся, можна паглядзець выставу адной карціны, экспазіцыя якой змяняецца раз на месяц.

У офісе PRAS'а маюцца дзве невялічкія бібліятэкі. Першая ўтрымлівае ў сабе кнігі, плыткі, паштоўкі і нататнікі да якіх прыклала сваю руку студыя, а таксама выданні, якія павінны быць пад рукой заўсёды - тут можна пагартаць выступы Леніна пра культуру пад назваю "Революция-Искусство-Дети", улётку ЦК БССР "Сладкая рюмка - горький конец", чароўную кніжку Ііна Аасамаа "Как себя вести" і інш. Бібліятэкарам працуе кот Ігар Валянцінавіч, якія не дае кніжкам падаць з паліцы. Трошкі ніжэй размешчаны ўзнагароды і прыклады прамдызайнерскіх рэчаў ад PRAS'а. Другая бібліятэка знаходзіцца ў Таемным пакоі і могуць уваходзіць туды толькі супрацоўнікі студыі.

На кожным стале прадугледжана адмысловая накладка з выявай ровара, каб заўсёды нагадваць аб тым, што ён не патрабуе свайго вынаходніцтва, а яно патрэбна ў многіх іншых месцах. На сценах шчодра развешаны "натхняльнічкі" - малюнкі, фотаздымкі, якія могуць падкінуць думку, усмешку ці геніяльнае рашэнне. Раз на месяц увесь набор "натхняльнічкаў" змяняецца, каб хвалі крэатыву ніколі не пакідалі гэтых сценаў.


Каля ўваходу ў Таемны пакой вісіць магнітная дошка-знак, на якой знаходзіцца інфармацыя для супрацоўнікаў студыі, а таксама нейкія цікавыя рэчы-ідэі, якія трэба не забыць. Вентыляцыйныя краты прытрымлівае сімвалічны Анёл-ахоўнік, у іншых месцах краты аздоблены малюнкамі фантастычных кветак з беларускіх рушнікоў і маляваных дываноў.

Да сустрэчы на офісе PRAS'а!