PRAS'аўцы на вытворчасці Беларускіх шахмат
Мікалай Тамашэвіч і Аляксей Кульбіцкі наведалі прадпрыемствы на якіх ствараюць Беларускія шахматы і азнаёміліся з ходам іх вытворчасці

У самы апошні дзень ліпеня прадстаўнікі арт-студыі PRAS завіталі на вытворчасць фізічных дошак для Беларускіх шахмат.
У канчатковым сваім выглядзе яны будуць прадстаўлены ў дзвух варыянтах - падарункавым і штодзённым. Падарункавы варыянт дошкі вырабляецца з каштоўных парод драўніны, такіх як вольха, дуб, альбо мароны дуб з элементамі інкрустацыі мароным дубам, скрынка для шахмат распрацавана такім чынам, што адкрываючы яе, фігуркі стаяць ужо на сваіх месцах, самі ж яны вырабляюцца ўручную з белай і звычайнай гліны і кожная з іх атрымоўваецца самастойным творам мастацтва, у якім максімальна ўлічаны і адлюстраваны асаблівасці выгляду старажытных беларускіх войскаў і войскаў тэўтонскага ордэну. Дызайн фігурак распрацаваны так, што яны лёгка распазнаюцца на дошцы, дазваляючы, напрыклад, не пераблытаць падчас гульні ратніка з княжычам, а вежу з князем. Штодзённы варыянт гульні ўяўляе з сябе льняную дошку, якая лёгка складваецца і займае мала месца, фігуркі ж, зробленыя з эбаксіднай смалы, могуць выкарыстоўвацца ў любых умовах, без боязі ламання.


Наступны, пасля вырабу дошак этап - лазернае выпальванне трона, у выглядзе традыцыйнай беларускай зоркі, якая пасля будзе інкруставана дубам, а таксама нанясенне нумароў і лічбаў па контуру. Дадаткова спрабуецца выпальванне лагатыпу гульні на накрыўцы скрынкі і прымерваецца месца размяшчэння аўтараў-майстроў, а таксама лагатыпу студыі. Увесь працэс кіруецца кампутарам, таму пры выпальванні магчыма ўносіць змены, каб дасягнуць патрэбнага рэзультату. Пасля выпальвання вырашаем зрабіць лагатып шахмат глыбейшым, таму дошка адпраўляецца на тую ж працэдуру яшчэ раз.
Паколькі падарункавая серыя будзе выканана ў абмежаваным накладзе, яна павінна быць дасканалая ва ўсім.

