Вышышына - пакінь беларускі след
Слаўны і ўпэўнены працяг трэнда вышымаек, вышымайткаў, вышызаплечнікаў ды вышыкубкаў
Травеньскі дождж бясконцы.
Ровар кудысьці цягнецца,
пакідае дарозе сонца.
Мацуа Басё, 1695

Дарагія сябры! Каманда PRAS.by не можа ўседзець на месцы, калі вакол яе квітнеюць і множацца вышываныя елачкі і маечкі, гаманцы і гадзіннічкі. Мы набілі сабе татуіроўкі з арнаментам, але гэтага мала. Мы спім пад вышыванымі коўдрамі, але сон наш не спакойны. Бо місія студыі - несці беларушчыну ў масы. Таму сустракайце нашу кроплю ў хвалі мэйнстрыму: ад прадзедаў спакон вякоў да нашых дзён, лепшы разносчык вышыванасці і вышыватасці - яе вялікасць ВЫШЫШЫНА!

Сіла Ярылы і Пяруна, эстэтыка Яся і Яніны, хутка і смачна! Тое, аб чым даўно марылі раварысты, але не ведалі, дзе ўзяць. Тое, што снілі сапраўдныя беларусы, але не ведалі, што гэта ява. Традыцыйная вышыванка і гістарычная пагоня ў адным флаконе - старажытны арнамент на колах жалезнага каня. На экалагічна чыстай гуме пад адмысловым прэсам па запатэнтаванай тэхналогіі выплаўлены арнамент - «Знак сонца з крыжыкам».

Гэты сімвал квітнеючай зямлі і нівы, які прыгожым адбіткам кладзецца на нашу родную зямельку падчас пакатушак, шматкрозь падвышаючы яе ўрадлівасць. Зімою "Вышышына" растоплівае снег і зберагае ад падзенняў, а летам сама вывозіць заблукаўшага раварыста дадому. Дзяўчатам становіцца млосна ад нясцерпнага жадання пакатацца на такім ровары, а ў хлапцоў хутчэй расце барада.

Паведаміце на daprasu@gmail.com, калі жадаеце стаць інвестарам у масавым выпуску сапраўдных беларускіх шын, і далучыцеся да стварэння трэнду.