
Лагатып і фірмовы стыль "Традыцыйнага бортніцтва"
Фірмовы стыль для кампаніі, што аднаўляе ботніцкую традыцыю Беларусі

Спакой запаведных лясоў і мітуслівае гудзенне пчол высока ў кроне спрадвечнага дуба, непараўнальны пах дзікага мёда і дзіўныя прылады працы, усё гэта вобразы архаічнага ляснога промыслу - традыцыйнага бортніцтва. Пачэсная справа вядомая нашым продкам з часоў старажытнасці, замацаваная найвышэйшымі зборамі законаў пачынаючы ад "Рускага права" і статута Вялікага княства Літоўскага, аб'яднаная пад сцягам бортных цэхаў і брацтваў і заняпалае за мінулае стагоддзе, сёння адчувае новае дыханне. Суполкі ў сацыльных сетках і часопісах, пошук борцяў, якія захаваліся да нашых дзён, цікавыя артыкулы і аднаўленне бортнай справы - гэта дзейнасць кампаніі "Традыцыйнае бортніцтва".

У студыі распрацавалі лагатып і фірмовы стыль для справы узнаўлення бортніцкай традыцыі і ўзбагачэння культурнай спадчыны Беларусі. Асноўнае адрозненне ад традыцыйнага "рамовага пчалярства" у тым, што борць знаходзіцца на дрэве, імітуючы дупло і прывабліваючы дзікіх пчол-баровак, мёд якіх, больш карысны для здароўя. Менавіта гэтую акалічнасць мы выкарысталі падчас працы над айдэнтыкай, пазбягаючы сімвалаў "пчала" і "слоік з мёдам".
Агульны выгляд лагатыпу мае адсылку да стылю гравюраў, а магутны дуб і традыцыйная борць дадаюць патрэбнага старажытнага каларыту. Крона дуба ў сваіх абрысах паўтарае пчаліную соту, а колер бурштыну і бістру наводзяць на адпаведны "мядовы" настрой.
Не традыцыйным ходам - здымкамі бортнікаў і борцяў у якасці фону, мы ўнеслі трошкі свежасці ў зусім ўжо "традыцыйны" лагатып, дадаткова пазнаёміўшы карыстальнікаў з акалічнасцямі бортнай справы і дадаўшы патрэбную цікавую драбінку.

Больш падрабязна азнаёміцца з бортніцкай традыцыяй можна ў суполках VK,Facebookі "Жывым часопісе".
У якасці прыклада здымкаў выкарыстаны фота Джона Кунстадтэра.