
Ролік "Зялёная эканоміка"
Анімацыйны ролік “Зялёная эканоміка” для Праграмы развіцця ААН у Беларусі

Абачлівае стаўленне да наваколля даўно й трывала замацавалася ў спісе нашых прыярытэтаў. І вось нарэшце мы атрымалі нагоду надаць няўлоўным памкненням акрэсленую форму — намаляваць на замову ААН жывы “зялёны” ролік. Зразумела, што інтэграваць экалагічныя прыярытэты ў свядомасць шырокае грамадскасці — справа ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі няпростая. Аднак і тут PRAS’у пашэнціла, гэтым разам — з тэматычным кірункам праекта: ролік мусіў прэзентаваць фінансавую выгаду ад свядомага падыходу да прыроднага капіталу.
Гучнымі ды пафаснымі вобразамі мы не кідаліся: змалявалі герояў, прылады й дзеянні з трушнай беларускай штодзённасці — такой, якой мы бачым яе заўтра… ну, або паслязаўтра. У цэнтр увагі паставілі галоўны рэсурс кожнай эканомікі — сябе і вас. Экалагічна падкаваныя героі пачынаюць набываць у “6 элеменце” тэхніку А-класу, думаць пра арганічныя пластмасы, рамантызаваць транспартную інфраструктуру, верыць у моц беларускіх ветракоў — і ў выніку маюць чыстае сумленне, зіхоткае наваколле й шчыра-адданае сяброўства.
Зірнуць іншыя цікавосткі-відосы можна на канале PRAS'а.