
Беларускія Шахматы
Desktop гульня для Windows паводле правілаў беларуска-літвінскіх шахмат
Кампутарная гульня "Беларускія шахматы" (версія 1.05) — з'яўляецца дадатак для Windows і першая гульня, зробленая паводле правілаў беларуска-літвінскіх шахмат, а таксама першая айчынная камерцыйная гульня, выдадзеная на беларускай мове. Арт-студыя PRAS стварала праект цягам 3 гадоў.

Над "Беларускіми шахматамі" арт-студыя PRAS працавала ад 2010 года, і неўзабаве яны маюць выйсці ў продаж на падарункавых кружэлках. У праграме рэалізаваныя ўсе функцыі, магчымыя пры гульне ў беларускія шахматы.
Пройдземся крышачку па асноўнаму функцыяналу кампутарнай гульні.
Стартавае меню складаецца з падменюшак: "Новая гульня", "Загрузіць гульню", "Наладкі" і "Правілы", — акрамя таго ёсць магчымасць працягваць мінулую гульню і захоўваць гэтую.

Меню "Новая гульня" дае магчымасць выбраць тып партыі: рэжым электроннай дошкі (г. зн. вольнае рэдагаванне дошкі альбо гульня сам-на-сам на адным РС), гульня з кампутарным супернікам і сеткавая гульня праз інтэрнэт альбо лакальную сетку.
Загружаць раней захаваныя партыі можна ў меню "Загрузіць". Для гэтага неабходна націснуць на выяву адпаведнае дошкі (справа будуць пазначаныя параметры гульні, а таксама магчымасць выдаліць захаванку), пры навядзенні на якую з'явіцца падменю выбару тыпу гульні (ад пачатку стаіць той, у якім гульня была захаваная). Пасля гэтага распачнецца загрузка гульні ў адным з чатырох рэжымаў (імгненны, хуткі, марудны, пакрокавы).


Пакрокавы рэжым дае магчымасць праглядаць ход партыі, адмяняць хады, а таксама працягваць партыю з любога месца, што вельмі зручна пры аналізе шахматных камбінацый.

У "Наладках" карыстальнік можа змяніць шматлікія параметры гульні: гукавое суправаджэнне, мову, анімацыйныя ўстаўкі, падказкі ды іншае. Некаторыя іншыя параметры можна змяніць падчас гульні ў хуткіх наладках.
Падчас гульні, пры ўключаных адпаведных наладках, гулец будзе мець магчымасць бачыць папярэдні ход (паказваецца стрэлкай), а таксама падказкі. Напрыклад, фарбаванне клеткі ў жоўты азначае, што ёсць пэўная небяспека ад гэтага ходу. Акрамя таго, увесь час вядзецца запіс шахматнае анатацыі, якую пры жаданні можна будзе раздрукаваць альбо даслаць іншым карыстальнікам для аналізу партыі.


Сеткавая гульня рэалізаваная ў гэтай версіі праз узаемадзеянне "кампутар-кампутар" без прамежкавага сервера, таму для гульні праз лакальную сетку карыстальнік мусіць увесці ўвядзенне знешні IP-адрас сервера (паказаны на старонцы сервера пры стварэнні гульні). Такім чынам, алгарытм дзеянняў павінен быць наступным:
1) Карыстальнік А заходзіць у праграму і націскае "Сеткавая гульня" -> "Стварыць гульню". Паведамляе карыстальніку В свой IP-адрас. Націскае стрэлку "Пачаць гульню".
2) Карыстальнік В заходзіць у праграму і націскае "Сеткавая гульня" -> "Падлучыцца". Уводзіць у поле "IP-адрас сервера" адрас, атрыманы ад карыстальніка А. Націскае стрэлку "Пачаць гульню".

Падчас самой сеткавай гульні карыстальнікі маюць магчымасць камунікаваць у чаце, каб падбадзёрыць альбо, наадварот, апусціць адзін аднаго ніжэй за калені :) Акрамя таго, можна кіраваць наладкамі чату (напрыклад, наяўнасць гуку пры новым паведамленні).

Прыемныя момантя — прыгожая анімацыя і база набору фігурак і дошак, што ўвесь час пашыраецца. Гэтыя наборы неўзабаве можна будзе запампаваць з нашага сайту. Дарэчы, вы маеце магчымасць падзяліцца з іншымі гульцамі як сваімі партыямі, гэтак і наборамі фігурак і дошак. Лістуйце на нашу пошту daprasu@gmail.com з падлучанымі файламі ды пазнакаю "Беларускія шахматы".
Патрабаванні:
Фігуркі мусяць быць зробленыя ў фармаце *.png памерам 55 х 55 пікселяў. Абавязковая наяўнасць усіх фігур са спісу.
Дошкі варта рабіць у фармаце *.bmp памерам 495 х 495 пікселяў.
Захаваныя гульні можна знайсці ў каранёвай тэчцы "ZHV".
Нібыта ўсё... Каб набыць гульню, звяртайцеся на нашую паштовую скрыню daprasu@gmail.com. Спадзяемся, вас натхніць гэтая па-сапраўднаму патрыятычная гульня!



