
Дызайн інфармацыйнага парталу газеты "Наша Ніва"
Новае аблічча для анлайн-версіі знакамітага беларускага выдання
-
Знешняя спасылка:

Традыцыйна па навіны і цікавосткі беларускамоўная аўдыторыя перадусім прыходзіць да “Нашай Нівы”. З інфармацыйным парталам гэтага выдання мы і папрацавалі: правялі рэдызайн, мадыфікавалі шаблоны старонак, стварылі responsive-версію рэсурсу.
Спатоліць інфармацыйны голад, дзякуючы выданню і нашай студыі, цяпер можна праз кожную прыладу, падлучаную да сеціва.

Прадуманая навігацыя, доўгая стужка (магчымы максімум) актуальных публікацый на кожнай прагортцы — гэтак “Наша Ніва” пачала выглядаць на экранах кампутараў, планшэтаў, смартфонаў. Рубрыкі, раздзелы ды іншыя элементы структуры, у адпаведнасці з якімі размяркоўваецца кантэнт, змешчаны не толькі ў верхняй, але таксама ў ніжняй і нават бакавой частках старонкі; такое дубляванне мае дапамагчы вокамгненна адшукаць патрэбны матэрыял. Дзеля таго каб чытачы больш актыўна дзяліліся думкамі ды адпрацоўвалі дасціпнасць, мы дадалі сістэму знешняга каментавання: кантэкст сайта можна ўзбагаціць, аўтарызаваўшыся праз сацыяльныя сеткі. Ідэю адкрытай інфармацыйнай прасторы на роўні візуальнага ўспрыняцця падтрымлівае і агульная стылістыка сайта.

Спосаб адлюстравання фота- і відэафактаў дае карыстальніку адчуванне іх матэрыяльнасці — фармуецца г. зв. "тактыльная рэальнасць". Адаптыўны дызайн, у сваю чаргу, ладна і прыгожа падае старонкі на любой прыладзе. Паводле водгукаў карыстальнікаў, гартаць сайт стала ўва ўсіх сэнсах больш прыемна, што нас, вядома, цешыць.