Рэбрэндынг газеты “Беларускі час”

Рэбрэндынг газеты “Беларускі час”

Шляхотны выгляд газеты пра і дзеля працаўнікоў, што ўваходзяць у прафсаюзы краіны

 

Макет першай паласы

Дзякуючы руплівай працы арт-студыі PRAS, газета “Беларускі час”, следам за сайтам і фірмовым стылем, урэшце цалкам абнавіла дызайн. Пачалі ад вокладкі, а калі зірнуць яшчэ глыбей – ад філасофіі газеты: адгэтуль кантэнт выразна персаналізаваны. Гэта перадусім дэманструюць здымкі: у цэнтры ўвагі цяпер не столькі арганізацыя, колькі асоба – працаўнік.

Ад сёння палосы выдання прафсаюзаў Беларусі можна паставіць поруч з Le Monde, Der Tagesspiegel, Der Zeit – і ўрэшце парадавацца за нашую прэсу

Матэрыялы на палосах размежаваныя “паветрам”: вольная прастора падвышае не толькі эстэтычны ровень, але і чытэльнасць выдання. Мы выразна аформілі на белым фоне цытаты, падкрэсліўшы аналітычны характар тэкстаў. Замест вялікай колькасці невялікіх здымкаў, якія адно “раскідваюць” увагу, мы прапанавалі аздабляць паласу адной буйной тэматычнай выявай. Тут адразу рэалізуюцца тры функцыі: і ўвагу чытача сфакусаваць, і вока ягонае (і сваё, і рэдакцыйнае) парадаваць, і абноўленую канцэпцыю выдання яшчэ раз падкрэсліць. Друкаваныя палосы імітуюць экран планшэта / смартфона: усё акуратна і роўна структуруецца; узнікае жаданне правесці “па экране” пальцам –  і перагарнуць старонку. Разам з тым на матэрыяльнасць выдання, якое будуць чытаць у грамадскім транспарце, мы ані не забыліся: газету зручна чытаць, пераламіўшы на палову.

Макеты ўнутраных старонак
Макеты ўнутраных старонак "Беларускага часу"
Макеты ўнутраных старонак
Макеты ўнутраных старонак "Беларускага часу"

Рубрыкальную будову выданне захавала, але цікавостак мы і тут не мінулі напрыдумляць. Матэрыялы, што маюць яскравай перспектывай натхняць на плённую працу, трапяць у дзвюхпалосную рубрыку “Час адпачываць”. Расповеды пра “беларускі фітнэс” хораша зашыхтуюцца ў раздзел “Падказка дачніку”. Ды што тут казаць – мы “адPRASавалі” нават ТV-праграму.

Макеты ўнутраных старонак
Макеты ўнутраных старонак "Беларускага часа"
Макеты ўнутраных старонак
Макеты ўнутраных старонак "Беларускага часа"

Рэзюмуем: у вымеры “Беларускага часу” змянілася наагул усё. Пакуль СэБэ ды іншыя камсамолкі адно ўзіраюцца ў цьмянае святло аддаленых перспектываў, “Беларускі час” ўпэўнена робіць сваіх чытачоў шчаслівымі. Сур’ёзныя, звыклыя да цяжкой працы людзі цяпер нават праз сваю газету могуць прадэманстраваць: глупства яны ў рукі ані не бяруць – бо цікавяцца адно якаснай ды ідэальнай ува ўсіх адносінах прэсай.

Замовіць ілюстрацыю