
Ілюстрацыі да беларускіх легендаў
Віртуальныя загадкі паводле беларускіх легендаў стваралі часткова для газеты "Звязда" і электроннай энцыклапедыі "Спадчына"
Легенда "Адкуль Менск" распавядае пра таямнічага чараўніка-волата Менеска, які на сваім млыне лятаў па краіне і гуртаваў вакол сябе найбольш моцных людзей, з якіх потым утварыўся цэлы народ — беларусы. Тым часам млын малоў не збожжа, а камяні, багата раскіаныя па Беларусі.

Легенда "Марысін парк" апавядае пра сумную гісторыю кахання дачкі князя Радзівіла Марысі ды звычайнага конюха. Безумоўна, князь не мог дазволіць шлюб маладых, і тыя намерыліся бегчы... Але нейкім чынам князь даведаўся пра іхныя планы і конюха забілі. Марыся ж у прызначаны час зімняю ноччу чакала свайго каханага ў нясвіжскім парку, дзе ў роспачы і замерзла.

Кожная ілюстрацыя адлюстроўвае ўсе асаблівасці адпаведнай легенды, даючы волю і фантазіі.
Адкуль узялася Вільня — сталіца Вялікага Княства Літоўскага? Легенда кажа, што Вялікі князь Гедзімін у сне пабачыў велізарную гару, на якой стаяў агромністы, бы скалы, жалезны воўк, а з пасці яга выла сто ваўкоў. І вой быў настолькі моцны, што Гедзімін прачнуўся і загадаў паклікаць да сябе вешчуна Ляздзейку. Вяшчун, падумаўшы, парадзіў заснаваць на тым самым месцы, што бачыў князь, новую сталіцу, слава пра якую разальецца ва ўсіх землях, як вой таго жалезнага ваўка.

Чорная Панна Нясвіжа — гісторыя, вядомая нават з тэатральных пастановак. Барбара Радзівіл таемна ад варшаўскае эліты пабралася шлюбам з каралём Рэчы Паспалітай. Але доўга пабыць каралевай ёй не было наканавана — маці караля італьянка Бона Сфорца атруціла маладую... Кароль у роспачы не ведаў, што рабіць, і прыехаў у Нясвіж — ..на радзіму сваёй жонкі. Захацеўшы пабачыць яе, пры дапамозе чараўнікоў і люстэрка выклікаў душу каханай. Не мусіў кранаць здані, але ж не утрымаўся — паспрабаваў абняць Барбару. Адбыўся выбух — і яе душа назаўжды засталася ў свеце жывых.
З таго часу, кажуць, там і дагэтуль блукае здань — Чорная Панна Нясвіжа...
